Дзіцячыя вершы
Весялімся мы сягоння
Вакол елкі навагодняй
Праз мяцель і снег глыбокі
У госьці к нам прыйшла здалеку
Цацкі,зорачкі,сняжынкі
Упрыгожваюць галінкі.
Мікалай Кот
Са святой нядзелькаю!
Тчэ зіма кудзельку.
Скора будзе у зямлі
Белая пасцелька.
Крохкі лёд на лужыцах
Свеціцца хрусталікам.
А сняжок балуецца,-
Сыпле на ліхтарыкі.
На дамы,на вуліцы.
Ірына Дубашынская
Нібы церам,жоўты скверык,
Гэйты,церам-церамок,
Адчыні свае нам дзверы,
Адамкні хутчэй замок!
Ціха шчоўкнуў лісцік-ключык—
Пад нагамі—дыванок,
Жоўты,пышны і пявучы.
—Чый ты,церам-церамок?
Ніна Галіноўская
Мышка
Мышка-палёўка,
сівая галоўка,
вушкі - ўсё чуюць,
вочкі - пільнуюць.
Цягне пад горку,
у закуток-норку,
у свой церамок
спелы каласок.
Яе ля паветкі
сустракаюць дзеткі.
Голасна пішчаць -
надакучыла чакаць!
Матулі весела,
бо яда прынесена.
Іван Юкляеўскі
Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.
– Мамачка-галубка! – просіць сын так міла.
– Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла?
Я не буду доўга, зараз жа вярнуся,
Трошачкі на рэчцы ў санках паважуся.
– Ну, ідзі, пабегай, толькі апраніся
Ды, глядзі, ў палонку, сынку, не ўваліся.
Якуб Колас
З Новым годам, з Новым годам!
З новай песняй, з новай казкай!
Зачаруем мімаходам
Долі ходы думкай-краскай!
Кінем покліч гулказвонны
Ад аконца да аконца,
Свет паклічам мёртва-сонны
Аж да сонца, аж да сонца!
Для унукаў, для праўнукаў
Расцярэбім сцежкі-шляхі;
Хай пануюць над прынукай -
Каб аж к небу лёту ўзмахі!..
Над зямлёй зардзіць вясёлка
После бураў, ліхалеццяў;
Бацьку, маці жыць нялёгка, -
Хай жа лёгка жывуць дзеці!
З Новым годам, што крыніцай
Новай пойдзе ў пераходзе,
Беларуская зямліца!
Беларускі наш народзе!
Янка Купала