Пацешкі

Сабрала і апрацавала В. Луцэвіч

 

Кую, кую ножку

Кую, кую ножку. 
Паеду ў дарожку, 
За чатыры мілі, 
Па масла, па сыры. 
Дарожка крывая, 
Кабылка кульгае, 
Напраўлю цялежкі, 
Паеду ў арэшкі. 
Стану я іх трэсці, 
Будуць дзеткі есці. 
 

Мышка

— Мышка, мышка, дзе была? 
— Далёка. 
— Што рабіла? 
— Кросны ткала. 
— А што заткала? 
— Кусок сала. 
— А дзе падзела? 
— Мышка з'ела. 
— А дзе тая мышка? 
— У норку паляцела. 
 

Каза рагатая

Ідзе каза рагатая, 
Ідзе каза, ідзе, 
Барадой трасе. 
"Хто соску не сасе, 
Малачка хто не п'е - 
Таго-буІ Забаду, 
На рогі пасаджу". 
 

Кукарэку, певунок!

Кукарэку, певунок! 
Пашый хлопцу кажушок, 
Пашый штонікі з шаўкоў, 
З залаценькіх паяскоў. 
І пашыў ён, і надзеў, 
І ў люстэрка паглядзеў. 
 

Гого-гого, гусачок!

Гого-гого, гусачок! 
Зрабі хлопчыку свісток 
З беласнежнага крыла, 
Ды з бліскучага пяра. 
І зрабіў ён, і падаў, 
І сыночак заіграў. 
 

Белка

Сядзіць, сядзіць белка 
На арэхавым кусце, 
Арэшачкі лушча, 
Шкарлупкі кідае, 
Вочкамі міргае. 
 

Ой, люлі, люлі, люлі

Ой люлі, люлі, люлі, 
Прыляцелі жураўлі. 
Журавелькі доўганогі 
Не знайшлі сабе дарогі. 
Яны селі на вароты, — 
А вароты скрыгі... скрып... 
Не будзіце нашу дзетку, 
Наша дзетка спіць, спіць. 
 

Люлі, люлі

Люлі, люлі, люлі, 
Прыляцелі куры. 
Селі на варотах 
У чырвоных ботах, 
Сталі сакатаці. 
Што курачкам даці? 
Ці ячменьку жменьку? 
Ці гарошку трошку? 
Ці жыта карыта? 
Ці бобу каробу? 
Трэба даць ім грэчкі, 
Каб неслі яечкі. 
 

Горкай, горкай, горачкай

Горкай, горкай горачкай, 
Шоў малы Ягорачка. 
Ваўкоў не баяўся, 
Страхаў не пужаўся. 
Пратаптаў Ягорачка 
Сцежачку да горачкі. 
Выразаў Ягорачка 
Дудачку-свісцёлачку, 
І свістаў ён птушачкай, 
Птушачкай-пяюшачкай. 
Горкай, горкай, горачкай 
Шоў малы Ягорачка. 
 

У куце сядзіць мядзведзь


У куце сядзіць мядзведзь, 
Хустку вышывае, 
А лісічка невялічка 
Хатку прыбірае. 
А каток пячэ аладкі, 
Маслам падлівае. 
Мышанятка жвава, гладка 
Катку памагае.